ФІНА́НСАВАЯ БЛАКА́ДА,

спыненне або абмежаванне фін. адносін якой-н. дзяржавы (дзяржаў) ці міжнар. фін.крэдытнай арг-цыі з краінай, якую блакіруюць з мэтай эканам. ці паліт. націску; адзін з відаў эканамічнай блакады. Састаўныя часткі Ф.б.: залатая блакада (золата гэтай краіны не прымаецца ў якасці плацежных грошай); крэдытная блакада [адмова якой-н. дзяржавы (дзяржаў) ці міжнар. валютна-крэдытных арг-цый даваць крэдыты гэтай краіне]. Пры ажыццяўленні Ф.б. дзяржавы ці міжнар. арг-цыі скарачаюць або спыняюць экспарт дзярж. ці прыватнага капіталу ў краіну, што ізалюецца, пазбаўляюць яе прамысл. і гандл. кампаніі, банкі фін. падтрымкі ў форме дзярж. субсідый, страхавання, ільготнага падаткаабкладання, узмацняюць мытныя абкладанні яе тавараў і інш.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)